Дзяцінства даецца кожнаму на вельмі кароткі адрэзак часу, гэта тое пачуццё, якое мы з пяшчотай захоўваем і перадаём наступнаму пакаленню. Пагэтаму менавіта ад нас залежыць, што нашы выхаванцы пранясуць па жыцці і перададуць сваім дзецям, якімі паўнавартаснымі грамадзянамі сваёй краіны яны стануць. Сёння тэма патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення як ніколі актуальная. Дзіцячы сад – гэта першая грамадская ступень, якая фарміруе цікавасць дзяцей да гісторыі роднага края, сям’і, выхоўвае пачуццё патрыятызму. Патрыятычнае пачуццё не ўзнікае ў людзей само па сабе. Дзіця не нараджаецца патрыётам, яно ім становіцца. Гэта – вынік мэтанакіраванага выхаваўчага ўздзеяння на чалавека, пачынаючы з ранняга дзяцінства. Менавіта пагэтаму ў маёй рабоце развіццё дзяцей на традыцыях народнай культуры з’яўляецца адным з галоўных накірункаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання. З нагоды гэтага ў нашым дзіцячым садзе прайшло патрыятычнае мерапрыемства — музычна-літаратурнае свята “Кола святаў Беларусі”, на якім прысутнічала памочнік пракурора Каваленя Валерыя Ігараўна. Падрыхтоўка да свята заўсёды выклікае ў дзяцей цікавасць. Яны з захапленнем рыхтуюць касцюмы, развучваюць песні, танцы, хараводы, удзельнічаюць у музычна-тэматычных гульнях. На аснове гэтай цікавасці фарміруюцца іх маральныя якасці, мастацкі густ. У пачатку ўсе прысутныя ўрачыста выканалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Само мерапрыемства было праведзена ў форме падарожжа па народных святах беларусаў. Выбар свят быў  прадыктаваны цыклам народнага календара, адапціраванага пад умовы дзіцячага сада і сучасных культурных каштоўнасцей. Вясенняе свята – “Гуканне вясны” з выкананнем песні-заклічкі “Жавароначкі, прыляціце!” і хараводам вакол упрыгожанага папяровымі птушкамі і лялькамі Марцінічкамі дрэва.  Летняе свята —  “Купалле”, на якім госці ўбачылі парад кветак: рамонак, васілёк, “браткі”, Іван-ды-Мар’я, зачараваў усіх вельмі прыгожы і мелагучны танец “Купалінка”. Восеньскае свята – “Дажынкі” — свята, прысвечанае хлебу – прадукту чалавечай працы, сімвалу жыцця і дабрабыту. Гэты прадукт суправаджае нас ад нараджэння і да самай старасці.  На дажынках людзі весяляцца, дзякуюць прыродзе за багаты ўраджай, услаўляюць чалавечую працу, пагэтаму па сцэнарыю прагучалі і вершы пра хлеб,  і задорная полька,  і вясёлая гульня “Лапці”. Зімовае свята — “Каляды”. Вельмі падабаецца дзецям сустракаць калядоўшчыкаў – пераапранутых у касцюмы жывёл дарослых і дзяцей. З вялікім задавальненнем і цікавасцю яны назіралі за гульнёй Казы і Мядзведзя, слухалі песні-калядкі, якія славяць гаспадароў за іх дабрыню, гасціннасць, шчодрасць. Асабліва спадабаліся дзеткам калядныя гаданні на будучую прафесію: цыганка з торбачкай падходзіла да чалавека, якому неабходна было выцягнуць з торбы прадмет, які і паказваў, кім ён стане, калі вырасце. Напрыклад, нажніцы – будзеш цырульнікам, фарбы – мастаком, кніга – настаўнікам, лыжка – поварам, гаечны ключ – слесарам і г.д. Календарныя народныя святы – гэта частка самабытнай культуры беларускага народа. Тыя святы, якія дайшлі да нас, зведалі, на жаль, значныя змяненні. І нам нельга дапусціць іх поўнай страты! На заканчэнне дзеці выканалі песню “Добрага здароўя вам ўсім!” Прыгажосць беларускага слова, яркасць танцаў, мелагучнасць і напеўнасць народных песен, адметнасць касцюмаў – усе гэта стварыла добры настрой і пакінула ў прысутных непаўторныя ўражанні.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *